ХАЗА́РСКІ КАГАНА́Т,
дзяржаўнае ўтварэнне, створанае хазарамі ў 7 ст. Напачатку сталіцай каганата быў г. Семендэр у Дагестане, пасля яго разгрому арабамі ў 735 — г. Ітыль на ніжняй Волзе. У час свайго росквіту ў 8—9 ст. уключаў Паўн. Каўказ, Прыазоўе, б.ч. Крыма, стэпавыя і паўстэпавыя тэр. да р. Дняпро; многія ўсх.-славянскія плямёны, у т. л. радзімічы, севяране, вяцічы, былі вымушаны плаціць Х.к. даніну. З 1-й пал. 8 ст. ў Х.к. пачалося пашырэнне іудаізму, які ў канцы 8 — пач. 9 ст. абвешчаны дзярж. рэлігіяй. У канцы 9 ст. Паўн. Прычарнамор’е захапілі печанегі, у выніку чаго пачаўся заняпад каганата. У 960-я г. кіеўскі князь Святаслаў Ігаравіч зрабіў паход на Волгу і зруйнаваў найважн. цэнтры Х.к. Да канца 10 ст. каганат спыніў існаванне.
Літ.:
Артамонов И.И. История хазар. 2 изд. СПб., 2001;
Гумилев Л.Н. Открытие Хазарии. М., 2001.
т. 16, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)